на главную | войти | регистрация | DMCA | контакты | справка | donate |      

A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z
А Б В Г Д Е Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я


моя полка | жанры | рекомендуем | рейтинг книг | рейтинг авторов | впечатления | новое | форум | сборники | читалки | авторам | добавить



ПРА РАМЭА І ДЖУЛЬЕТУ…ТОЛЬКІ ЗВАЛІ ІХ МАРГАРЫТА І АБУЛЬФАЗ


Маргарыта К. — армянская бежанка, 41 год

— Ой! Я не пра гэта… Не пра гэта хачу… Я ведаю іншае…

Я да гэтага часу сплю, закінуўшы рукі за галаву, звычка тых гадоў, калі было шчасце. Я так любіла жыць! Я — армянка, але нарадзілася і вырасла ў Баку. На беразе мора. Мора… маё мора! Я з’ехала, але я люблю мора, людзі і ўсё астатняе мяне расчаравалі, я люблю толькі мора. Мне яно часта сніцца — шэрае, чорнае, фіялетавае. І маланкі! Маланкі скачуць разам з хвалямі. Любіла глядзець удалечыню, глядзець, як увечары сядае сонца, яно да вечара такое чырвонае, што, здаецца, шыпіць, апускаючыся ў ваду. Камяні, нагрэтыя за дзень, цёплыя камяні, быццам жывыя. Я любіла глядзець на мора раніцай і днём, увечары і ўночы. Ноччу з’яўляліся кажаны, і я іх вельмі палохалася. Спявалі цыкады. Поўнае неба зорак… нідзе няма столькі зорак… Баку — найбольш дарагі мне горад… Найбольш дарагі, нягледзячы ні на што! У сне я часта гуляю па Губернатарскім садзе і Нагорным парку… падымаюся на замкавую сцяну… І адусюль відаць мора — караблі і нафтавыя вышкі… З мамай мы любілі заходзіць у чайхану і піць чырвоны чай. (На вачах слёзы.) Мама — у Амерыцы. Плача і сумуе. Я — у Маскве…

У Баку мы жылі ў вялікім доме… Быў прасторны двор, у двары шаўкоўніца расла, жоўтая шаўкоўніца. Смачная! Жылі ўсе разам, адной сям’ёй: азербайджанцы, рускія, армяне, украінцы, татары… Цётка Клара, цётка Сара… Абдула, Рубэн… Найпрыгажэйшая — Сільва, яна працавала сцюардэсай на міжнародных лініях, лётала ў Стамбул, яе муж Эльмір быў таксістам. Яна — армянка, ён — азербайджанец, але ніхто пра гэта не задумваўся, такіх размоваў я не памятаю. Свет падзяляўся па-іншаму: добры чалавек ці дрэнны, скнара ці дабрадзей. Сусед і госць. З адной вёскі… горада… Ва ўсіх адна нацыянальнасць — усе савецкія, усе ведалі рускую мову.

Найпякнейшае, улюбёнае свята ва ўсіх — Наўруз. Наўруз Байрам — дзень надыходу вясны. Чакалі свята ўвесь год, святкавалі сем дзён. Сем дзён не замыкаліся брамы і дзверы… днём і ноччу ніякіх замкоў і ключоў… Палілі вогнішчы… Вогнішчы гарэлі на дахах і ў дварах. Увесь горад у вогнішчах! У агонь кідалі духмяную руту і прасілі шчасця, прыгаворвалі: «Сарылыгін сене, гырмызылыгін мене» — «Усе мае нягоды — табе, а маю радасць мне». «Гырмызылыгін мене…» Хто заўгодна зойдзе куды заўгодна — усюды прымуць як госця, пачастуюць малочным пловам і чырвонаю гарбатай з карыцай або кардамонам. А на сёмы дзень, галоўны дзень свята, усе збіраліся разам… за адным сталом… Кожны выносіў у двор свой стол, і складвалі адзін доўгі-доўгі стол. На гэтым стале: грузінскія хінкалі, армянскія боракі і бастурма, рускія бліны, татарскі эчпочмак, украінскія варэнікі, мяса з каштанамі па-азербайджанску… Цётка Клава прыносіла свой фірмовы селядзец пад бураком, а цётка Сара фаршыраваную рыбу. Пілі віно, армянскі каньяк. Азербайджанскі. Спявалі армянскія і азербайджанскія песні. І рускую «Кацюшу»: «Расцветали яблони и груши… Поплыли туманы над рекой…» Нарэшце час прысмакаў: пахлава, шэкер-чурэк… Для мяне да гэтага часу смачнейшага нічога ў свеце няма! Лепш за ўсіх прысмакі атрымліваліся ў маёй мамы. «Што ў цябе за рукі, Кнарык! Якое лёгкае цеста!» — заўсёды пахваляць яе суседкі.

Мама сябравала з Зейнаб, а ў Зейнаб было дзве дзяўчынкі і сын Анар, з якім мы вучыліся ў адным класе. «Аддасі дачку за майго Анара, — смяялася Зейнаб, — станем сваякамі». (Угаворвае сябе.) Плакаць не буду… Плакаць не трэба… Пачнуцца армянскія пагромы… І цётка Зейнаб, добрая наша цётка Зейнаб, разам са сваім Анарам… мы ўцяклі, хаваліся ў добрых людзей… яны выцягнуць ноччу з нашага дома халадзільнік і тэлевізар… газавую пліту і новенькую югаслаўскую сценку… А аднойчы Анар сустрэне са сваімі сябрамі майго мужа, і яны будуць біць яго жалезнымі прэнтамі: «Які ты азербайджанец? Ты — здраднік! Ты жывеш з армянкай — нашым ворагам!» Мяне павяла да сябе сяброўка, я жыла ў іх на гарышчы… Кожную ноч гарышча адчынялі, кармілі мяне — і я зноў сыходзіла наверх, уваход прыбівалі цвікамі. Намёртва прыбівалі цвікамі. Знойдуць — заб’юць! Я выйшла адтуль пасівелая… (Зусім ціха.) Іншым кажу: не трэба па мне плакаць… А ў самой слёзы… Анар мне ў школе падабаўся, ён быў прыгожы хлопчык. Адзін раз мы з ім нават цалаваліся… «Прывітанне, каралева!» — чакаў ён мяне каля брамы школы. Прывітанне, каралева!

Я памятаю тую вясну… вядома, яна ўспамінаецца, але цяпер ужо рэдка… не часта… Вясна-а-а-а! Я скончыла вучэльню і ўладкавалася сувязісткай на тэлеграфе. На Цэнтральным тэлеграфе. Людзі стаяць ля акенца: адна плача — маці памерла, другая смяецца — у яе вяселле. З днём нараджэння! З юбілеем! Тэлеграмы, тэлеграмы. Выклікаю Уладзівасток, Усць-Кут, Ашхабад… Праца вясёлая. Не сумная. А кахання чакаеш… у васямнаццаць гадоў чакаеш кахання… Я думала, што каханне прыходзіць толькі раз, і тое, што гэта каханне, ты разумееш адразу. А было смешна, атрымалася вельмі смешна. Мне не спадабалася, як мы з ім пазнаёміліся. Раніцай я іду каля аховы, усе мяне ўжо ведалі, ніхто пропуск не патрабаваў: прывітанне-прывітанне — без пытанняў. А тут — «Пакажыце пропуск». Я аслупянела. Стаіць перада мной высокі прыгожы хлопец і не прапускае. — «Вы кожны дзень мяне бачыце…» — «Пакажыце пропуск». А я ў гэты дзень забылася пропуск, корпаюся ў сумцы — у мяне ніякіх дакументаў. Выклікалі майго начальніка… я атрымала вымову… І так раззлавалася на гэтага хлопца! А ён… У мяне была начная змена, і ён прыходзіць з сябрам піць гарбату. Гэта ж трэба! Прыносяць піражкі з павідлам, цяпер ужо няма такіх піражкоў, смачныя, але адкусваць страшна — ніколі не ведаеш, з якога боку вылезе павідла. Рагаталі! Але я з ім не размаўляла, пакрыўдзілася. Яшчэ праз некалькі дзён знайшоў мяне пасля працы: «Я купіў квіткі ў кіно — пойдзеш?» Квіткі на маю ўлюбёную кінакамедыю «Міміно» з Вахтангам Кікабідзэ ў галоўнай ролі, я глядзела яе дзесяць разоў, ведала ўвесь тэкст на памяць. Як выйшла, ён таксама. Ідзём і пераклікаемся, правяраем адзін аднаго: «Я табе адын разумны рэч скажу, толькі ты не крыўдуй». «Як я гэтую карову прадам, калі яе тут усе ведаюць?» І… пачалося каханне… У ягонага стрыечнага брата былі вялікія парнікі, ён гандляваў кветкамі. На сустрэчу Абульфаз заўсёды прыходзіў з ружамі — чырвонымі і белымі… Ружы бываюць нават бэзавыя, як быццам падфарбаваныя, а яны — сапраўдныя. Я марыла… Я часта марыла пра каханне, але я не ведала, як можа тахкаць маё сэрца, з грудзей рвацца. На мокрым пляжы заставаліся нашы пасланні… на пяску… вялікімі літарамі «я цябе кахаю!!!». Праз дзесяць метраў яшчэ раз «я цябе кахаю!!!». Тады ў горадзе паўсюль стаялі жалезныя аўтаматы з газіраванай вадой, і ў аўтамаце адна шклянка на ўсіх. Памыеш — і п’еш. Падыходзім — няма шклянкі, і другі аўтамат без шклянкі. Я хачу піць! Мы столькі спявалі, раўлі, смяяліся каля мора — я хачу піць! З намі доўга яшчэ здараліся чароўныя рэчы, неверагодныя, а потым перасталі. О, я ведаю гэта… Праўда! «Абульфаз, я хачу піць! Прыдумай што-небудзь!» Ён глядзіць на мяне і падымае рукі да неба, нешта доўга-доўга кажакажа. І аднекуль… з-за зарослых травой платоў і зачыненых латкоў з’яўляецца п’яны чалавек і аддае шклянку: «Кра-а-сы-в-вай дэвушкэ — нэ жалко».

А гэты світанак… Нідзе ні душы, толькі мы. І туман з мора. Я іду басанож, з-пад асфальту туман паўзе, як пара. Ізноў — цуд! З’яўляецца раптам — сонца! Святло… асвятленне… як пасярод летняга дня… На мне імгненна высыхае мая летняя сукенка, вільготная ад расы.

«Ты такая прыгожая!» А ты… ты… (На вачах слёзы.) Іншым кажу: не трэба плакаць… А сама… Усё прыгадваецца… прыгадваецца… Але кожны раз усё меней галасоў, і сноў усё менш. Я марыла тады… я лётала! Толькі… Не было! Не было ў нас хэпі-энду: белай сукенкі, маршу Мендэльсона, вясельнага падарожжа… Хутка, вельмі хутка… (Маўчыць.) Нешта хацела сказаць… Нешта… Забываю самыя звычайныя словы… пачала забываць… Я хацела сказаць, што хутка, вельмі хутка… Мяне хавалі ў падвалах, я жыла на гарышчах, я ператварылася ў кошку… у кажана… Калі б вы маглі зразумець… калі б маглі… калі б вы ведалі, як страшна, калі ўначы нехта крычыць. Самотны крык. Закрычыць ноччу нейкая птушка, і ўсім страшна. А калі гэта чалавек? Я жыла адной думкай: я кахаю… кахаю і яшчэ раз кахаю. Па-іншаму б не змагла, не вытрымала. Як жа — такі жах! З гарышча спускалася толькі ўначы… шторы тоўстыя, як коўдра… Аднойчы гарышча адкрылі раніцай: «Вылазь! Уратавалася!» У горад увайшлі войскі…

Думаю пра гэта… Я думаю пра гэта нават у сне — калі ўсё пачалося? Восемдзесят восьмы год… На плошчы збіраюцца нейкія людзі, яны ўсе ў чорным, танчаць і спяваюць. Танчаць з нажамі і кінжаламі. Будынак тэлеграфа побач з плошчай, усё на нашых вачах. Абляпілі балкон — і глядзім. «Што яны крычаць? — пытаюся. — «Смерць няверным! Смерць!» Гэта працягвалася доўга, вельмі доўга… шмат месяцаў… Нас сталі адганяць ад вокнаў: «Дзяўчынкі, гэта небяспечна. Сядзіце на сваіх месцах і не высоўвайцеся. Працуйце». Падчас абеду звычайна пілі гарбату разам, і раптам у адзін дзень: азербайджанкі селі за адзін столік, армянкі — за іншы. Адразу, разумееце? А я ніяк не магла зразумець, ніяк. Да мяне яшчэ нічога не даходзіла. У мяне каханне… я занятая сваімі пачуццямі… «Дзяўчынкі! Што здарылася?» — «Ты не чула? Начальнік сказаў, што хутка ў яго будуць працаваць толькі чыстакроўныя мусульманкі». Мая бабуля перажыла армянскі пагром у пятнаццатым годзе. Я памятаю… Яна мне ў дзяцінстве распавядала: «Калі я была такая маленькая, як ты, майго тату зарэзалі. І маму, і цётку. І ўсіх нашых авечак… — Вочы ў бабулі заўсёды былі сумныя. — Рэзалі суседзі… Да гэтага нармальныя людзі, можна нават сказаць, добрыя. За сталом у святы разам сядзелі…» Я думала, што гэта было даўно… хіба гэта магчыма цяпер? Пытаюся ў мамы: «Мама, ты бачыла — хлопчыкі ў двары гуляюць не ў вайну, а ў разню армян? Хто іх навучыў?» — «Маўчы, дачка. Суседзі пачуюць». Мама ўвесь час плакала. Сядзела і плакала. Дзеці цягалі па двары нейкае пудзіла і тыркалі ў яго палкамі, дзіцячымі кінжальчыкамі. «Хто гэта?» — я паклікала маленькага Архана, унука мамінай сяброўкі Зейнаб. — «Гэта армянская старая.

Мы яе забіваем. Цётка Рыта, а хто ты? Чаму ў цябе рускае імя?» Імя мне мама прыдумала… Мама любіла рускія імёны і ўсё жыццё марыла ўбачыць Маскву… Тата кінуў нас, тата жыў з іншай жанчынай, але ўсё роўна гэта быў тата. Я пайшла да яго з навіной: «Тата, я выходжу замуж!» — «А добры хлопец?» — «Вельмі. Але завуць яго Абульфаз…» Тата маўчыць, ён хоча мне шчасця. А я палюбіла мусульманіна… у яго іншы Бог… Тата маўчыць. І вось… Абульфаз прыйшоў да нас у дом: «Хачу прасіць тваёй рукі». — «А чаму ты адзін, без сватоў? Без сваякоў?» — «Яны ўсе супраць, а мне ніхто акрамя цябе, не патрэбны». І мне… Мне таксама не патрэбны. Што рабіць нам з нашым каханнем?

Вакол тварылася не тое, што ўнутры… Не тое… зусім не тое… Ноччу страшна і ціха ў горадзе… Ну як жа так, я не магу так. Ну што ж гэта такое — жудасць! Днём людзі не смяюцца, не жартуюць, перасталі купляць кветкі. Раней абавязкова хтосьці ідзе па вуліцы з кветкамі. Там цалуюцца і тут цалуюцца. А цяпер… Тыя ж людзі ідуць… і не глядзяць адзін на аднаго… Нешта павісла над усім і над усімі… нейкае чаканне…

Цяпер ужо не магу ўсё дакладна ўспомніць… Змянялася дзень пры дні… Цяпер усе ведаюць пра Сумгаіт… ад Баку да Сумгаіта трыццаць кіламетраў… Там быў першы пагром… У нас працавала дзяўчынка з Сумгаіта, і вось — усе пасля змены дахаты, а яна застаецца на тэлеграфе. Начуе ў бакоўцы. Ходзіць заплаканая, на вуліцу нават не выглядвае, ні з кім не размаўляе. Пытаемся — маўчыць. Але калі яна загаварыла… стала гаварыць… Я хацела не чуць… Не чуць! Нічога не чуць! Ну што ж гэта такое! Ну што ж такое — як жа так! «Што з тваім домам?» — «Дом разрабавалі». — «А з тваімі бацькамі?» — «Маму вывелі ў двор, распранулі дагала і — на вогнішча! А сястру цяжарную прымусілі танчыць вакол вогнішча… А калі забілі, жалезнымі прэнтамі выкалупвалі з яе дзіця…» — «Змоўкні! Змоўкні!» — «Тату пасеклі… сякерай… Сваякі пазналі яго толькі па ботах…» — «Змоўкні! Прашу цябе!» — «Збіраліся мужчыны, маладыя і старыя, па дваццаць-трыццаць чалавек і ўрываліся ў дамы, дзе жылі армянскія сем’і. Забівалі і гвалтавалі — дачку пры бацьку, жонку пры мужу…» — «Змоўкні! Лепей заплач». А яна не плакала… так ёй было страшна… «Палілі аўтамабілі. На могілках валілі пліты з армянскімі прозвішчамі… мёртвых ненавідзелі… — «Змоўкні! Хіба такое можа быць з людзьмі?!» Пачалі мы ўсе яе баяцца… А тэлебачанне, радыё і газеты… ні слова пра Сумгаіт… Толькі чуткі… У мяне потым пыталіся: «Як вы жылі? Як вы жылі пасля ўсяго?» Прыйшла вясна. Жанчыны надзелі лёгкія сукенкі… Такі жах — і так вакол прыгожа! Разумееце? І мора.

Я збіраюся замуж… Мама просіць: «Дачушка, падумай». Тата маўчыць. Ідзём з Абульфазам па вуліцы, сустракаем ягоных сясцёр: «Чаму ты сказала, што яна пачвара? Паглядзі, якая прыгожанькая дзяўчынка». Гэта яны так паміж сабой шэпчуцца. Абульфаз! Абульфаз! Прашу: «Давай распішамся без вяселля, вяселле рабіць не будзем». — «Ты што? У нас лічыцца, што жыццё чалавека складваецца з трох дзён: дня, калі ты нарадзіўся, дня, калі ты ажаніўся, і дня, калі ты памрэш». Ён не мог без вяселля, без вяселля шчасця не будзе. Яго бацькі катэгарычна супраць… катэгарычна! Не далі яму грошай на вяселле і нават не вярнулі тых грошай, што ён сам зарабіў. А ўсё павінна быць паводле абраду… паводле старых звычаяў… Азербайджанскія звычаі прыгожыя, я іх люблю… Першы раз у дом нявесты прыходзяць сваты, іх толькі выслухоўваюць, а на другі дзень яны ўжо атрымліваюць згоду або адмову. Тады п’юць віно. Купіць белую сукенку і пярсцёнкі — справа жаніха, ён прыносіць іх у дом нявесты абавязкова раніцай… і каб быў сонечны дзень… бо шчасце трэба ўгаварыць, а цёмныя сілы адвесці. Нявеста прымае дар і дзякуе жаніху, пры ўсіх цалуе. На плячах у яе белая хустка, знак чысціні. Дзень вяселля… З абодвух бакоў на вяселле прыносяць шмат падарункаў, гару падарункаў, іх кладуць на вялікія падносы, абвязаныя чырвонымі стужкамі. Яшчэ надзімаюць сотні рознакаляровых шароў, яны некалькі дзён лётаюць па-над домам нявесты, чым даўжэй яны лётаюць, тым лепей, значыць, каханне моцнае і ўзаемнае.

Маё вяселле… наша… Усе падарункі ад дома жаніха і ад дома нявесты… купляла мая мама… І белую сукенку, і залаты пярсцёнак… За сталом сваякі нявесты павінны перад першым тостам устаць і расхвальваць дзяўчыну, а родныя жаніха хваляць хлопца. За мяне трымаў слова мой дзядуля, ён скончыў і пытаецца Абульфаза: «А хто за цябе нам слова закіне?» — «Я сам за сябе скажу. Я кахаю вашу дачку. Кахаю больш за жыццё сваё». Так ён гэта сказаў, што ўсім спадабаўся. Сыпалі нам на парог дробныя манеты, рыс — для шчасця і багацця. І там… Ёсць адзін момант… Ёсць падчас вяселля такі момант, калі сваякі з аднаго боку павінны ўстаць і пакланіцца сваякам з другога боку, а тыя — таксама. Абульфаз устаў адзін… як бязродны… «Я нараджу табе дзіцятка, ты не будзеш адзін», — падумала я. Паклялася. А ён ведаў, я даўно яму прызналася, што ў юнацтве цяжка хварэла і ўрачы вынеслі прысуд: нараджаць мне нельга. Ён і на гэта быў згодны, толькі б нам быць разам. Але я… Я вырашыла — нараджу. Хай нават сама памру, але дзіцятка ж застанецца.

Мой Баку…

…мора… мора… мора…

…сонца… сонца… сонца… Не мой Баку…

…Дзвярэй у пад’ездзе няма, вялікія дзіркі ад дзвярэй завешаныя кавалкамі цэлафану…

…Мужчыны ці падлеткі… ад жаху не запомніла… б’юць — забіваюць коллем (і дзе яны яго пазнаходзілі ў горадзе?) жанчыну… яна ляжыць на зямлі маўклівая. Людзі ўбачаць — збочваюць на іншую вуліцу. Дзе міліцыя? Міліцыя знікла… я не бачыла ніводнага міліцыянта… Абульфаза дома ванітуе. Ён добры, вельмі добры. Але адкуль узяліся тыя… там, на вуліцы? Насустрач нам бег чалавек увесь у крыві… паліто, рукі ў крыві… у руках доўгі кухонны нож, якім зеляніну крышаць… У яго быў урачысты… можа, нават шчаслівы твар… «Я яго ведаю», — сказала знаёмая дзяўчынка, з якой мы стаялі на прыпынку і чакалі аўтобуса.

…Нешта ўва мне тады знікла… чагосьці ўва мне больш няма…

…Мама звольнілася з працы… Ужо небяспечна было хадзіць па вуліцах, яе пазнавалі адразу. А мяне не. Пры адной умове — ніякіх дакументаў з сабой не браць. Ніякіх! Абульфаз сустракаў мяне пасля працы, мы ішлі разам, ніхто не падазраваў, што я — армянка. Але кожны мог падысці і сказаць: «Пакажы пашпарт!» «Хавайцеся. Сыходзьце», — папярэдзілі суседзі, рускія бабулі. Маладыя рускія з’ехалі, кінулі кватэры, добрую мэблю. Засталіся бабулі… добрыя рускія бабулі…

…А я ўжо цяжарная… Я нашу пад сэрцам дзіця…

Разня ў Баку працягвалася некалькі тыдняў… адны кажуць так, а іншыя кажуць, што больш… Забівалі не толькі армян, забівалі і тых, хто хаваў армян. Мяне хавала мая азербайджанская сяброўка, у яе сям’я — муж і двое дзяцей. Калі-небудзь… Клянуся! Я прыеду ў Баку, прыеду са сваёй дачкой і прыйду ў гэты дом: «Гэта — твая другая маці, дачушка». Шторы тоўстыя… як паліто… такія шторы… гэта спецыяльна пашылі, для мяне. Уначы я спускалася з гарышча… на гадзіну-дзве… Гаварылі шэптам, са мной трэба было размаўляць. Усе разумелі: са мной трэба гаварыць, каб я не здранцвела, не звар’яцела. Не страціла дзіцяці і не заскуголіла ноччу. Як звер.

Я памятаю нашыя размовы, добра памятаю. Увесь дзень сядзела на гарышчы і перабірала іх у памяці. Я — адна… Палоска неба вузенькая… праз шчыліну… «…Спынілі старога Лазара на вуліцы і пачалі біць… «Я — габрэй», — даводзіў ён. Пакуль знайшлі пашпарт, скалечылі…»

«…Забіваюць за грошы і проста так… Асабліва шукаюць дамы, дзе жывуць багатыя армяне…»

«…У адным доме забілі ўсіх… А меншанькая дзяўчынка залезла на дрэва… Яны яе, як птушачку… Ноччу дрэнна відаць, доўга трапіць не маглі. Злаваліся… цэлілі. Звалілася ім пад ногі…»

Сяброўчын муж быў мастак. Я любіла ягоныя карціны, ён маляваў жаночыя партрэты і нацюрморты. І я памятаю, як ён падыходзіў да кніжных паліц і стукаў па карэньчыках: «Трэба ўсё спаліць! Спаліць! Я болей кнігам не веру! Мы думалі, што дабро пераможа — нічога падобнага! Спрачаліся пра Дастаеўскага… Так, гэтыя героі заўсёды тут! Сярод нас. Побач!» Я не разумела, пра што ён гаворыць, я — дзяўчынка простая, звычайная. Ва ўніверсітэце не вучылася. Умела толькі плакаць… выціраць слёзы… Я доўга верыла, што жыву ў найлепшай краіне, сярод найлепшых людзей. Так нас у школе вучылі. А ён перажываў страшэнна, перажываў гэта вельмі цяжка. І ў яго здарыўся інсульт, яго паралізавала… (Заціхла.) Памаўчу… Нешта дрыжу ўся… (Праз некалькі хвілінаў працягвае.) Увайшлі ў горад войскі. Я магла ўжо вярнуцца дадому… Ён ляжаў, толькі адной рукой мог трохі варушыць. І ён мяне абняў гэтай рукой: «Усю ноч я думаў пра цябе, Рыта, і пра сваё жыццё. Шмат гадоў… Усё жыццё я змагаўся з камуністамі. А цяпер у мяне сумневы: няхай бы намі кіравалі гэтыя старыя муміі, чаплялі адзін аднаму чарговыя Зоркі Герояў, а мы не ездзілі б за мяжу, не чыталі забароненыя кнігі, і не елі піцу — ежу багоў. Але тая маленькая дзяўчынка… яна засталася б жывая, ніхто б яе не падстрэліў… Як птушачку… І ты не сядзела б на гарышчы, як мыш…» Неўзабаве ён памёр… Праз нейкі час… Тады многія паміралі, паміралі добрыя людзі. Не маглі ўсё гэта перажыць.

На вуліцах паўсюль салдаты. Ваенная тэхніка. Салдаты… яны ж былі хлопчыкі… гублялі прытомнасць ад таго, што бачылі…

У мяне восьмы месяц цяжарнасці… Трэба нараджаць. Ноччу мне пагоршала, тэлефануем у «хуткую дапамогу» — там пачуюць армянскае прозвішча і кладуць слухаўку. У радзільню таксама не ўзялі, ні па месцы жыхарства… нідзе… Адкрываюць пашпарт і адразу — месцаў няма. Месцаў няма! Нікуды і ніяк, ніяк. Мама знайшла старую акушэрку, рускую жанчыну, якая калісьці ў яе роды прымала… даўным-даўно… Знайшла яна яе дзесьці ў пасёлку на ўскраіне горада. Звалі яе Ганна… імя па бацьку не памятаю. Раз на тыдзень яна прыходзіла да нас дадому, назірала за мной і казала, што роды будуць цяжкія. Схваткі пачаліся ноччу… Абульфаз пабег лавіць таксі, датэлефанавацца не змог. Таксіст прыехаў і ўбачыў мяне: «Што — армянка?» — «Яна — мая жонка». — «Не, я не паеду». Муж заплакаў. Дастаў кашалёк і паказвае грошы, увесь свой заробак: «На… Я табе ўсё аддам… Ратуй мне жонку і дзіця». Мы паехалі… паехалі ўсе… І мама з намі таксама. Паехалі ў пасёлак, дзе жыла Ганна, у шпіталь, дзе яна працавала на паўстаўкі. Падзарабляла на пенсіі. Яна ўжо чакала нас, і мяне адразу паклалі на стол. Нараджала я доўга… сем гадзін… Нараджалі мы ўдзвюх: я і азербайджанка, там была адна падушка, і гэтую падушку аддалі ёй, я вельмі нізка галавой ляжала. Нязручна, балюча… Мама стаяла ля дзвярэй. Яе гналі, яна не сыходзіла. А раптам выкрадуць дзіця… а раптам? Усё магло быць… усё тады магло быць… Нарадзіла я дзяўчынку… Прынеслі мне яе адзін раз, паказалі і болей не нясуць. Іншым маці (азербайджанкам) даюць дзяцей карміць, а мне — не. Чакала я два дні. А потым… па сценачцы… трымаючыся за сценачку… дачыкільгала да пакоя, дзе ляжалі дзеці. Ніводнага дзіцяці няма, толькі мая дзяўчынка ляжыць, а дзверы і вокны — насцеж. Пакратала я яе, яна гарыць, уся гарачая. Якраз прыйшла мая мама… «Мама, забіраем дзіця і сыходзім. Дзіця ўжо хворае».

Дачка доўга хварэла. Лячыў яе стары доктар, ён быў даўно на пенсіі. Габрэй. Але ён хадзіў і дапамагаў армянскім сем’ям. «Армян забіваюць за тое, што яны армяне, як калісьці забівалі габрэяў за тое, што яны габрэі», — казаў ён. Быў вельмі-вельмі стары. Дачцэ далі імя Іра… Ірынка… Вырашылі: хай будзе рускае імя, яно абараняе. Абульфаз першы раз узяў дзіця на рукі і заплакаў. Рыдаў… Ад шчасця… яно таксама тады было — шчасце… Нашае шчасце! У гэты час захварэла ягоная мама… Ён стаў часта сыходзіць да сваіх сваякоў. Вяртаўся ад іх… я не знайду слоў… якім ён вяртаўся. Вяртаўся да нас чужым, з незнаёмым тварам. Я, вядома, палохалася. У горадзе ўжо было поўна ўцекачоў, гэта тыя азербайджанскія сем’і, якія беглі з Арменіі. Уцяклі яны з пустымі рукамі, без рэчаў, беглі сапраўды гэтаксама, як армяне з Баку. І расказвалі ўсё тое ж самае. Ой! ой, усё тое ж самае. Пра Хаджалу, дзе быў азербайджанскі пагром… Як там армяне забівалі азербайджанцаў — выкідвалі жанчын з вокнаў… адразалі галовы… мачыліся на мёртвых… Мне ніводны фільм жахаў цяпер не страшны! Я столькі ўсяго бачыла і чула… столькі ўсяго! Я не спала па начах, думала-перадумала — трэба з’язджаць. З’язджаць трэба! Ну так жа нельга, я не магу так. Бегчы… бегчы, каб забыцца… А калі б неяк стрывала — памерла… я ведаю, што памерла б…

Першай з’ехала мама… За ёй — тата са сваёй другой сям’ёй. За імі — мы з дачкой. З’язджалі па падробленых дакументах… з пашпартамі на азербайджанскія прозвішчы… Тры месяцы не маглі купіць квіткі. Такія былі чэргі! А зайшлі ў самалёт — скрынак з садавінай і кардонных каробак з кветкамі там было больш за пасажыраў. Бізнес! Бізнес квітнеў. Паперадзе нас сядзелі маладыя азербайджанцы, яны ўсю дарогу пілі віно і гаварылі, што з’язджаюць, бо не жадаюць забіваць. Не хочуць ісці на вайну і паміраць. Дзевяноста першы год… На ўсю моц палала вайна ў Нагорным Карабаху… Гэтыя хлопцы адкрыта прызнаваліся: «Мы не хочам класціся пад танкі. Мы не гатовыя». У Маскве нас сустрэў стрыечны брат… «А дзе Абульфаз?» — «Прыляціць праз месяц». Сабраліся ўвечары сваякі… Усе мяне прасілі: «Ты гавары, гавары — не бойся. Тыя, хто маўчаць, пачынаюць хварэць». Праз месяц я пачала размаўляць, а думала, што ўжо не буду. Змоўкну — і ўсё.

Я чакала… і чакала… і чакала… Абульфаз прыехаў да нас не праз месяц… і не праз паўгода, а праз сем гадоў. Праз сем гадоў… Сем… А-а-а-а… Калі б не дачка… я не выжыла б… Дачка мяне выратавала. Дзеля яе я трымалася з усяе моцы. Каб выжыць, трэба хоць бы танюткую нітачку знайсці… Каб выжыць… і чакаць… Проста раніца… яшчэ адна раніца… Ён увайшоў у кватэру, абняў нас з дачкой. Стаіць. Ён стаіць… яшчэ стаіць у вітальні… і я бачу, як ён павольна-павольна, на маіх вачах падае. Праз нейкую хвіліну ён ужо ляжаў на падлозе, у паліто і шапцы. Дацягнулі яго да канапы, паклалі. Перапалохаліся: трэба выклікаць доктара — а як? У нас няма маскоўскай прапіскі, няма медыцынскай страхоўкі. Мы — уцекачы. Пакуль мы так меркавалі, мама плакала… дачка з вось такімі вачыма сядзела ў куце… Чакалі тату — а тата прыехаў і памірае. У гэты час ён расплюшчыў вочы: «Не трэба доктара. Не бойцеся. Усё! Я — дома». Тут буду плакаць… Тут буду… (Першы раз за ўвесь час нашай размовы заплакала.) Як тут без слёз… Месяц ён хадзіў за мной па кватэры на каленях, цалаваў і цалаваў рукі: «Што ты хочаш сказаць?» — «Я кахаю цябе». — «Дзе ты быў столькі гадоў?»

…У яго выкралі адзін пашпарт… Другі… Усё гэта ягоныя сваякі… …Прыехалі ў Баку яго стрыечныя браты… Іх выгналі з Ерэвана, дзе жылі яшчэ іх дзяды і бацькі. Кожны вечар расповеды… абавязкова, каб ён чуў… Як злупілі скуру з хлопчыка і павесілі на дрэве. А суседу кляйно на лбе паставілі гарачай падковай… Як… Як… «А ты куды сабраўся?» — «Да жонкі». — «Ты едзеш да ворага нашага. Ты нам не брат. Не сын».

…Я яму тэлефанавала… Мне адказвалі: «Дома няма». А яму перадавалі, як быццам я тэлефаную і кажу, што выходжу замуж. Я тэлефанавала і тэлефанавала. Трубку брала яго родная сястра: «Забудзь нумар гэтага тэлефона. У яго іншая жанчына. Мусульманка».

…Мой тата… Хацеў мне шчасця… Забраў мой пашпарт і аддаў яго нейкім хлопцам, каб мне паставілі пячатку пра развод. Фальшывую. Нешта яны фарбавалі, мылі і выпраўлялі, і там цяпер — дзірка. «Тата! Навошта ты гэта зрабіў? Ты ж ведаеш — я кахаю!» — «Ты кахаеш нашага ворага». Пашпарт у мяне сапсаваны… цяпер несапраўдны… …Чытала «Рамэа і Джульета» Шэкспіра… Пра варожасць двух сямейных кланаў — Мантэкі і Капулеці. Гэта ўсё пра мяне… я кожнае слова там разумела…

Я не пазнавала дачку. Яна стала ўсміхацца… З першай хвіліны, калі яго ўбачыла: «Тата! Та-тачка!» Маленькая… яна даставала з чамадана яго фотаздымкі і цалавала. Але так, каб я не бачыла… І не плакала… І гэта не канец… Вы думаеце гэта ўсё? Канец? Ой, канца яшчэ няма…

…І тут жывем як на вайне… Усюды чужыя. Мяне вылечыла б мора.

Маё мора! А мора побач няма… …Я метро мыла, прыбіральні чысціла. На будоўлі цэглу цягала і мяшкі з цэментам. Цяпер у рэстаране прыбіраю. Абульфаз еўрарамонты робіць у багатых кватэрах. Добрыя людзі плацяць, дрэнныя падманваюць: «Валі адсюль, чучмэк! Зараз у міліцыю патэлефануем». У нас няма прапіскі… няма ніякіх правоў… Такіх, як мы, тут як пяску ў пустыні. Сотні тысяч людзей беглі з дому: таджыкі, армяне, азербайджанцы, грузіны, чачэнцы… Беглі ў Маскву — у сталіцу СССР, а гэта ўжо сталіца іншай дзяржавы. А нашай дзяржавы цяпер на карце не знайсці… …Дачка год таму скончыла школу… «Мама… тата… Я вучыцца хачу!» Пашпарта ў яе няма… Жывём транзітам. Жывём у адной бабулі, яна пераехала да сына, а нам здала сваю аднапакаёвую кватэру. Міліцыя стукае з праверкай дакументаў… Мы — як мышы, стаіўшыся. Зноў як мышы. Выкінуць назад… А куды назад? Куды нам ехаць? Выкінуць за дваццаць чатыры гадзіны! Грошай, каб адкупіцца, у нас няма… І іншую кватэру ўжо не знайсці. Усюды вісяць аб’явы: «Здадзім кватэру славянскай сям’і…», «здадзім… праваслаўнай рускай сям’і. Іншых просім не турбаваць…»

…З дому вечарам — ніколі! Муж або дачка затрымаюцца дзе-небудзь — я валяр’янку п’ю. Прашу дачку: не фарбуй бровы, не насі яркія сукенкі. Там забілі армянскага хлопчыка, там зарэзалі таджыкскую дзяўчынку… азербайджанца калолі нажом… Раней мы ўсе савецкія былі, а цяпер у нас новая нацыянальнасць — «асоба каўказскай нацыянальнасці». Я бягу раніцай на працу і ніколі не гляджу маладым хлопцам у твар — у мяне чорныя вочы, чорныя валасы. У нядзелю, калі выйдзем з сям’ёй на вуліцу, то прагуляемся ў сваім раёне, каля свайго дома: «Мама, я хачу на Арбат. Хачу пахадзіць па Чырвонай плошчы». — «Туды не пойдзем, дачушка. Там — скінхеды. Са свастыкай. Іх Расія — для рускіх. Без нас». (Маўчыць.) Ніхто не ведае, колькі разоў я хацела памерці.

…Мая дзяўчынка… яна з дзяцінства чуе: «чучмэчка»… «чурка»… Малая нічога не разумела. Вернецца са школы, я яе цалую, цалую, каб яна ўсё гэтыя словы забыла.

Усе армяне з Баку з’ехалі ў Амерыку… чужая краіна іх прыняла… І мама з’ехала, і тата, і шмат нашых сваякоў. Я таксама пайшла ў амерыканскую амбасаду. «Раскажыце вашу гісторыю», — папрасілі мяне. Я расказала ім пра сваё каханне… Маўчалі, яны доўга маўчалі.

Маладыя амерыканцы, зусім маладыя. Пасля пачалі гаварыць паміж сабой: і пашпарт, маўляў, у яе сапсаваны, і дзіўна ўсё-такі, чаму муж сем гадоў не прыязджаў? Муж гэта ці не муж? Занадта прыгожая і страшная гісторыя, каб паверыць. Так яны гаварылі. Я трошкі ведаю ангельскую… Я зразумела, што яны мне не вераць. А ў мяне няма іншых доказаў, акрамя таго, што я кахаю… Вы мне верыце?

— Я веру… — кажу я. — Я вырасла ў той самай краіне, што і вы. Я веру! (І мы абедзве плачам.)


ПРА БУДУЧЫНЮ | Час second-hand | ПРА ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ АДРАЗУ СТАЛІ ІНШЫМІ ПАСЛЯ КАМУНІЗМУ Людміла Малікава — тэхнолаг, 47 гадоў